
У маі 2025 года каманда “Народнага дэпутата” далучылася да новай ініцыятывы па стварэнні асацыяцыі віцебскіх медыя. Ідэя ўзнікла з патрэбы ў супольным дзеянні: калі незалежныя ініцыятывы і рэдакцыі працуюць разам, лягчэй спраўджваць інфармацыю, хутчэй распаўсюджваць важныя навіны і рэагаваць на мясцовыя праблемы. У часы, калі рэгіянальным СМІ складана выжываць паасобку, аб’яднанне сіл становіцца жыццёва неабходным.
На першым этапе ўдзельнікі дамовіліся пра правядзенне стратэгічных сесій. Падчас гэтых сустрэч плануецца выпрацаваць агульныя правілы супрацы, прыярытэтныя тэмы для сумеснага асвятлення і магчымыя фарматы ўзаемападтрымкі — ад абмену кантактамі і аналітыкай да супольных матэрыялаў і калектыўных расследаванняў.
Для “Народнага дэпутата” ўдзел у асацыяцыі — гэта магчымасць яшчэ дакладней рэагаваць на запыты жыхароў Віцебска, шукаць надзейныя крыніцы і рабіць агучванне праблемаў больш сістэмным. Мы спадзяёмся, што гэта партнёрства дапаможа вывесці рэгіянальную журналістыку на новы ўзровень і павялічыць давер да альтэрнатыўных крыніц інфармацыі.