«Народны дэпутат» вырас з грамадзянскай ініцыятывы, якая пачала сваю працу ў Беларусі ў 2020 годзе. Спачатку каманда аб’ядноўвала дваравыя чаты і лакальных актывістаў у Віцебску.
У 2021 годзе частка ўдзельнікаў зрабіла спробу інстытуалізацыі праз падрыхтоўку ўстаноўчага сходу дэмакратычнай партыі «РАЗАМ». Падчас гэтай падрыхтоўкі нечакана наладзіўся канструктыўны дыялог з асобнымі чыноўнікамі — некаторыя адкрыта прызнавалі патрэбу ў зваротнай сувязі з грамадствам і былі гатовыя ўдзельнічаць у сходзе. Аднак пад ціскам сілавікоў гэтая ініцыятыва, як і падобныя ў іншых гарадах, была сарваная. Значная частка каманды вымушана з’ехала за мяжу, дзе і пачалося новае жыццё ініцыятывы.
Апынуўшыся ў Польшчы, каманда напрыканцы 2021 года пераасэнсавала падыход. Было вырашана не будаваць традыцыйныя структуры, а стварыць нефармальны лічбавы рух — гнуткі, бяспечны, здольны падтрымліваць узаемасувязь з людзьмі ўнутры краіны і ўплываць на сітуацыю легальнымі метадамі. Так нарадзіўся праект «Народны дэпутат». Асновай для нашай стратэгіі стаў парадокс беларускай бюракратыі: складаная сістэма кантролю, створаная супраць грамадзян, цяпер часта працуе супраць саміх чыноўнікаў. Гэта адкрыла прастору для дзеянняў праз афіцыйныя інструменты — звароты, подпісы, публікацыі ў незалежных СМІ.
У 2023 годзе «Народны дэпутат» запусціў службу кол-цэнтра: рэгулярна тэлефанавалі ў прыёмныя і на “гарачыя лініі” ўлады, удакладнялі дэталі і дамагаліся рэакцыі. Гэта даказала, што нават знаходзячыся за мяжой, можна атрымліваць адказы — калі дзейнічаць дакладна і сістэмна. Таксама ў 2023 годзе, пры падтрымцы партнёраў, адбыўся конкурс малых грантаў для лакальных ініцыятыў у Беларусі. Ён паказаў галоўнае: людзі гатовы давяраць адно аднаму і дзейнічаць разам.
На выбарах 2024 года ў Віцебскай вобласці «Народны дэпутат» выпрабаваў стратэгію пратэсту, натхнёную ідэяй “разумнага галасавання”: больш за 25 000 выбарцаў свядома сапсавалі бюлетэні або прагаласавалі “супраць усіх” — факт, які быў афіцыйна зафіксаваны. Гэта пацвердзіла патэнцыял арганізаванай грамадзянскай нязгоды.
У канцы 2024 года праект перабудоўвае сваю інфраструктуру на аснове тэхналогій штучнага інтэлекту: распрацаваны ШІ-асістэнты для апрацоўкі зваротаў, аўтаматычныя каналы сувязі з уладамі, сістэмы маніторынгу СМІ, дашборды і інструменты лічбавай мабілізацыі.
У 2025 годзе «Народны дэпутат» актыўна выкарыстоўвае свае распрацоўкі для падтрымкі грамадзянскай супольнасці ў Віцебскай вобласці — праз апрабацыю ШІ-асістэнта і распрацаванай сістэмы маніторынгу каментароў праз нейрасеткі.