Народны дэпутат — адкрытая анлайн-пляцоўка

Запуск бота-асістэнта, які дапамагае вырашаць праблемы

У студзені-лютым 2025 года каманда ініцыятывы “Народны дэпутат” запусціла бот-асістэнт для жыхароў Віцебска. Яго мэтай было дапамагчы гараджанам хутка арыентавацца ў праблемах гарадскога асяроддзя — транспарце, дарогах, водазабеспячэнні, медыцыне, ацяпленні і іншых жыццёва важных пытаннях. Бот аўтаматычна падказваў, куды звяртацца, што пісаць у звароце, і нават дапамагаў сачыць за адказамі.

Асістэнт быў абучаны на шырокім коле інструкцый і даведак па Віцебску: спісах дэпутатаў усіх узроўняў, кантактах гарадскіх і абласных службаў, лепшых практыках напісання зваротаў і скаргаў, а таксама кейсах з ранейшымі поспехамі грамадзянскай актыўнасці. Гэта дазволіла яму даваць дакладныя і адрасныя рэкамендацыі, сэканоміўшы людзям час і нервы.

Тэставы запуск паказаў добры вынік. Людзі актыўна карысталіся ботам, апісвалі праблемы падрабязна і са змястоўнымі дэталямі. Асобныя гісторыі даходзілі да некалькіх старонак — людзі ўпершыню адчулі, што іх гатовы слухаць, і што тэхналогія можа стаць саюзнікам у барацьбе за годнае жыццё.

Яшчэ адна важная выснова — гатоўнасць грамадзян да супольных дзеянняў. Бот стаў не толькі інструментам для індывідуальных зваротаў, але і пляцоўкай, праз якую людзі змаглі аб’ядноўвацца па агульных праблемах — напрыклад, суседзі з аднаго мікрараёна разам рыхтавалі калектыўны зварот ці збор подпісаў. У 2025 годзе мы працягнем развіваць асістэнта, каб зрабіць яго яшчэ карыснейшым — з аналітыкай, картамі праблем і інтэграцыяй з інструментамі зваротнай сувязі да дэпутатаў.