
Дзякуючы выкарыстанню чат-бота “Народнага дэпутата” ў сакавіку 2025 года быў атрыманы нечакана важны вынік — удалося аб’яднаць людзей, якія гатовы актыўна ўзаемадзейнічаць і дамагацца паляпшэння працы грамадскага транспарту. Праз бот жыхары пакідалі скаргі на графікі, перапоўненасць, праблемы з маршрутамі і чаканнем на прыпынках.
З часам стала відавочна, што многія звароты датычаць адных і тых жа праблемаў. Гэта дазволіла сфармаваць асобную групу, якая не толькі збірае звароты, але і гатова рыхтаваць калектыўныя ініцыятывы, уключаючы збор подпісаў, запыты ў гарвыканкам і прапановы па новых маршрутах.
Гэта першы выпадак, калі чат-бот стаў не проста інструментам для індывідуальных зваротаў, а рэальнай пляцоўкай для самаарганізацыі. Мы працягнем падтрымліваць такія групы і ствараць для іх дадатковыя магчымасці.