Народны дэпутат — адкрытая анлайн-пляцоўка

Мэты

Мэта праекта «Народны дэпутат» — развіваць лічбавыя інструменты грамадзянскага ўдзелу ў умовах абмежаванага доступу да інфармацыі і нізкага даверу да інстытутаў улады. Мы ствараем ШІ-асістэнтаў, якія дапамагаюць жыхарам выяўляць і фармуляваць лакальныя праблемы, а таксама наладжваць канструктыўную камунікацыю з прадстаўнікамі ўлады.

Праект ужо паказаў сваю эфектыўнасць у Віцебскай вобласці, і цяпер мы пераходзім да наступнага этапу — распаўсюджвання гэтых рашэнняў сярод іншых ініцыятываў, незалежных медыя і актывістаў. Мы адкрыем партнёрам доступ да распрацаваных ШІ-інструментаў, арганізуем навучанне і падтрымаем запуск лакальных лічбавых ініцыятыў праз конкурс мікрагрантаў.

Наша ключавая задача — дапамагчы людзям унутры краіны зразумець, што ад іх сапраўды шмат што залежыць. Нягледзячы на выклікі, існуюць працоўныя інструменты для абароны сваіх правоў і ўдзелу ў вырашэнні грамадска значных пытанняў. Мы імкнёмся зрабіць гэтыя інструменты даступнымі, зручнымі і надзейнымі, каб умацаваць зваротную сувязь паміж грамадствам і ўладай.